Кампанія «Хенкель Баўтэхнік»: Рэкламавацца па-беларуску зараз модна

На беларускім медыйным полі ўсё больш беларускамоўнай рэкламы. Айчынны бізнэс у апошні час актыўна пачаў прасоўваць прадукты на роднай мове. Рынак будаўнічых матэрыялаў не застаўся ў баку.

Беларусам патрэбная рэклама на роднай мове

Уключыўшы тэлевізар, мы можам пачуць гісторыю аднаго плітачніка, які карыстаецца прадуктамі гандлёвай маркі Ceresit (канцэрн Henkel). Сімпатычны і дужы мужчына ўкладвае плітку і дзеліцца сваімі правіламі добрай працы: «Працу трэба выконваць так, як быццам робіш яе для сябе».

Кампаній, якія хочуць гаварыць са спажыўцом па-беларуску, большае з году ў год. У гэтым перакананыя арганізатары і сябры фестываля беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі АD.NAK!, які сёлета ладзіцца ў пяты раз грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі».

Кіраўнік сайта Marketing.by і суарганізатар фестывалю Сяргей Скараход перакананы, што «беларуская рэклама на беларускай мове знаходзіцца ў трэндзе росту, у дынаміцы развіцця беларускага рынку».

З ім цалкам пагаджаецца каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская: «Мы правялі апытанку, з якой стала зразумела, што ў 2009 годзе толькі 37 % апытаных былі гатовыя бачыць і ўспрымаць рэкламу па-беларуску. А ў 2012 годзе ўжо 55,6 % рэспандэнтаў выказаліся за беларускамоўную рэкламу».

Паводле апытання 2014 году лічба крыху павялічылася. Гэта сведчыць аб устойлівай тэндэнцыі, што назіраецца на рынку беларускамоўнай рэкламы: беларусы хочуць чуць рэкламу на роднай мове.

«Мы адзіная будаўнічая кампанія, якая рэкламуецца па-беларуску»

Stroyka.by звязалася з кіраўніком аддзела маркетынга «Хенкель Баўтэхнік» Вольгай Кішко і распытала пра выбар мовы для рэкламы будаўнічых сумесяў Ceresit.

«Кампанія «Хенкель Баўтэхнік» ужо не першы год выкарыстоўвае беларускамоўную рэкламу, — распавяла Вольга. — Да беларускай мовы ў сваіх маркетынгавых кампаніях мы звярнуліся больш за шэсць гадоў таму. Такім чынам мы паказваем, што мы не абыякавыя да нашай культуры і традыцый, што мы ўкладваем сваю долю ў яе падтрымку і развіццё».

Вольга падкрэсліла, што беларускамоўная рэклама дапамагае кампаніі ўплываць на нацыянальную ідэнтыфікацыю беларускага грамадства: «Сёння чалавек сутыкаецца з рэкламай усюды. Яна ўплывае на масавую культуру, на фарміраванне светапогляду чалавека.

На маю думку, сёння беларуская мова з’яўляецца інструментам стварэння запамінальнай, яркай, крэатыўнай рэкламы. Не сакрэт, што рэклама па-беларусу выкліча ў спажыўца большую ўвагу, чым рэклама па-руску. Усё больш і больш беларусаў цікавяцца роднай мовай, лічаць яе адным з элементаў сучаснай культуры».

Паводле Вольгі, спажыўцы і кліенты станоўча ўспрымаюць беларускамоўную рэкламу будаўнічых сумесяў і чакаюць ад кампаніі толькі такой рэкламы, «бо выкарыстоўваючы беларускую мову, мы сфарміравалі ў іх вобраз, што Ceresit — гэта будаўнічыя сумесі, што вырабляюцца ў Беларусі. Мы, кампанія з нямецкімі каранямі, пазіцыянуем сябе як беларускага вытворцу».

За плячыма прадпрыемства ўжо тры беларускамоўныя маркетынгавыя кампаніі, і спыняцца на гэтым «Хенкель Баўтэхнік» не збіраецца. «Беларускую мову мы выкарыстоўваем не толькі пры агучцы ролікаў, але і ва ўлётках, плакатах, на ўпакоўцы нашай прадукцыі», — распавядае Вольга Кішко.

Напрыканцы размовы дзяўчына адзначыла, што «Хенкель Баўтэхнік» першая і адзіная будаўнічая кампанія ў Беларусі, якая выкарыстоўвае беларускую мову ў сваёй камунікацыі са спажыўцамі.

Автор: Ася Паплаўская, Stroyka.by. Фота аўтара і з архіва Вольгі Кішко