Антон Астаповіч: Гандлёвая набярэжная — перадапошні цвік у труну гістарычнага цэнтра Мінска

Поўным ходам ідзе рэканструкцыя вуліцы Гандлёвай у гістарычным цэнтры Мінска. Напрыканцы мая галоўны архітэктар праектаў ААТ «Мінскграмадзянпраект» Маргарыта Міклашэвіч прадставіла план забудовы вуліцы, якая атрымае назву Гандлёвай набярэжнай. Аднак ёсць экспертнае меркаванне, паводле якога рэканструкцыя не з’яўляецца ўзнаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны горада. 

Гісторык, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч распавёў, чаму мы губляем старажытны Мінск, ды паказаў план забудовы Гандлёвай вуліцы, распрацаваны Таварыствам і ўхвалены Міністэрствам культуры Беларусі.

«Гэта не аднаўленне спадчыны, а фантазія на тэму»

Гісторыя, звязаная з забудовай вуліцы Гандлёвай, пачалася яшчэ ў 2008 годзе. Тады «Мінскпраект» па замове «Мінскай спадчыны» зрабіў першы праект па засваенню гэтай пляцоўкі. Ужо тады было бачна, што ён не адпавядае абавязковым нормам.

Гістарычны цэнтр — гэта комплексная гісторыка-культурная каштоўнасць, якая знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Праекты па яго рэканструкцыі мусяць адпавядаць чатыром крытэрам.

Гэта гістарычная планіровачная структура, будынкі і збудаванні, ландшафт і культурны пласт.

Праект, распрацаваны «Мінскграмадзянпраектам», змяняў гістарычную планіровачную структуру. Вуліца Гандлёвая пашыралася, хаця яе гістарычны габарыт — 11–12 метраў — быў пазначаны ў праекце дэтальнага планавання цэнтра. Была парушаная структура ўнутрыквартальных планіровак. Адпаведна, будынкі і збудаванні былі спраектаваныя не ў рэжыме аднаўлення нашай спадчыны, а ў рэжыме фантазіі на гэтую тэму.

«Мы распрацавалі альтэрнатыўны праект аднаўлення забудовы»

Архітэктурная секцыя нашага Таварыства зацікавілася аднаўленнем Гандлёвай. Як аказалася, калі пачалася распрацоўка праекта, комплексныя навуковыя вышуканні на гэтай тэрыторыі, акрамя археалагічных, былі праведзеныя вельмі добра. Архіўна-бібліяграфічнае даследванне рабіў Вадзім Гліннік. Усё было праведзена суперпрафесійна. Быў падняты ўвесь архіўны матэрыял, вывучаныя ўсе праекты канца XIX — пачатку XX стагоддзя ў Нацыянальным гістарычным архіве. Матэрыялу было досыць. Нягледзячы на гэта, першы праект ніяк не стасаваўся з матэрыяламі даследванняў.

У сувязі з гэтым нашы архітэктары правялі дадатковае вывучэнне тэрыторыі, сабралі ўнікальны матэрыял. Забудова па правым баку Гандлёвай была зруйнавана напачатку 60-х гадоў. Пасля аналізу багатага матэрыялу, фотаздымкаў мы высветлілі, што архіўныя праекты з’яўляюцца падставай для праектавання на гэтай пляцоўцы. Нашы спецыялісты да канца лета 2010 года распрацавалі альтэрнатыўны праект аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы Гандлёвай.

«Навуковая рада пры Мінкульце аддала перавагу нам»

Гэтыя два праекты — «Мінскграмадзянпраекта» і наш — у верасні 2010 года разглядаліся на навуковай радзе пры Міністэрстве культуры. Яна прыняла рашэнне, што забудова павінна адбывацца толькі ў рэчышчы міжнародных метадалагічных дакументаў. Прыярытэт тэарэтычна быў аддадзены праекту Таварыства. Але з боку «Мінскпраекта» не было прадпрынята крокаў па карэктыроўцы праектнай дакументацыі.

Што потым здарылася, усім вядома: 2011 год, крызіс, няма грошай. А ўсё павінна было рэалізоўвацца за гарадскі бюджэт. У выніку праектная дакументацыя пайшла ў архіў.

«Новы праект Гандлёвай парушае заканадаўства»

У канцы 2011 года з’явіліся тры інвестары на гэтую пляцоўку. З архіва быў выцягнуты зусім стары праект Сяргея Багласава. Ён прадугледжваў падземную стаянку на 200 машын, забудову, што не адпавядае ні крытэрам гістарычнага цэнтра, ні заканадаўству, якое забараняе змяняць гісторыка-культурную каштоўнасць. А калі яна і мяняецца, то для гэтага трэба падвесці навуковае абгрунтаванне, даказаць, што гэта неабходна зрабіць.

На жаль, у нас гэта палажэнне ігнаруецца. Нават комплексныя навуковыя вышуканні выкарыстоўваюцца не як падстава для далейшага праектавання, а проста таму, што іх прадугледжвае праектная дакументацыя. У выніку з’яўляецца неўласцівы аб’ект у гістарычным цэнтры…

«Сучасная архітэктура павінна аднаўляць страчаную планіроўку»

Згодна з міжнароднымі методыкамі, гэтая пляцоўка можа быць забудаваная сучаснай архітэктурай. Але ж яна мусіць адраджаць страчаную планіровачную структуру. Аб’екты, якія, згодна з метадалагічным падыходам, маюць сучасны выгляд, належыць будаваць у гістарычным габарытным кантэйнеры. Там была адна-, двухпавярховая архітэктура. А што мы бачым? Чатыры паверхі…

Да таго, што было сказана вышэй, дадаюцца яшчэ два парушэнні: знішчаны культурны пласт і ландшафт. То бок, усе чатыры абавязковыя крытэры, паводле якіх гістарычны цэнтр ім з’яўляецца, «Мінскграмадзянпраектам» парушаныя.

«Наш праект перамог у міжнародным конкурсе»

Праект Таварыства па рэгенерацыі правага боку Гандлёвай, пра які я распавядаў вышэй, быў пададзены на міжнародны конкурс Leonardo-2011 у межах Міжнароднага архітэктурнага фестывалю. Мы перамаглі ў намінацыі «Рэстаўрацыя, рэгенерацыя, рэканструкцыя і ўзнаўленне аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці». Атрымалі дыплом, медаль. Міжнароднае журы вызначыла, што праект варты ўзнагароды.

Шчыра кажучы, гэта сапраўды ўдалая прапанова па аднаўленню, прыклад таго, як трэба працаваць на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аднак… маем тое, што маем.

«Ад старажытнага Мінска засталася толькі адна пляцоўка»

Маштабныя работы ў гістарычным цэнтры Мінска пачаліся ў 2002 годзе. За гэты час ў яго труну ўбітыя два цвікi. Першы — гэта забудова Нямігі, дом Чыжа «У Троіцкага». Саркафаг, які ўзведзены «Мортэкс БЦЗ» у Верхнім горадзе, — гэта другі цвік. Зараз амаль забіты трэці — гэта Гандлёвая. Засталася толькі адна пляцовачка — тэрыторыя Нізкага і Мяснога рынкаў і паўднёва-ўсходняя частка замчышча. Дзякуй богу, пакуль што на той тэрыторыі праекты засваення не будуць рэалізоўвацца. Гэта частка гістарычнага цэнтра атрымала перадышку.

Калі засвояць і гэту тэрыторыю ў тым рэжыме, у якім зараз працуюць, можна смела «пахаваць» гістарычны цэнтр Мінска як помнік горадабудаўніцтва.

«Спачатку дазваляюць будаўніцтва, а потым прызнаюць аб’екты дысануючымі!»

Аднак я спадзяюся, што рана ці позна сітуацыя вернецца ў прававое рэчышча. А калі гэта адбудзецца, паўстане неабходнасць прызнаць гэтыя аб’екты незаконнымі. Дарэчы, прэцыдэнт ужо ёсць. Калі ў пачатку 2013 года былі зацверджаныя ахоўныя зоны гістарычнага цэнтра, Мінкульт цэлы шэраг будынкаў прызнаў дысануючымі. У тым ліку дом Чыжа, будынак кампаніі Velcom, забудову на Нямізе, аб’ект на Музычным завулку… Унікальная сітуацыя: спачатку будаўніцтва ўхваляецца, а потым гэтыя аб’екты прызнаюцца дысануючымі!

Калі да нас вернецца разуменне таго, як трэба захоўваць гісторыка-культурную спадчыну, усе набудаваныя за апошні час аб’екты давядзецца руйнаваць і траціць шалёныя грошы на тое, каб правесці граматную і законную рэканструкцыю тэрыторый старажытнага горада. 

Автор: Ася Поплавская, фото автора, Stroyka.by