Зміцер Мурашка: «Праблема разумення беларускай мовы ў будаўніцтве надуманая»

Архітэктар Зміцер Мурашка вядомы сваімі беларускімі праектамі. За апошнія пятнаццаць гадоў ён працаваў у розных галінах архітэктуры, горадабудаўніцтва і дызайну. У выніку знайшоў сябе ў праектаванні прыватных экалагічных дамоў. Сам сябе ён называе «адраджэнцам шляхецкай культуры і стваральнікам родавых сядзібаў». Stroyka.by «злавіла» Змітра ў Мінску, куды ён завітаў літаральна на пару гадзін з уласнага хутара.

Cустрэў ён мяне са сваім сабакам, які пры любой магчымасці імкнуўся збегчы на летняе сонейка, але падчас гутаркі ляжаў ля ног гаспадара. Зміцер распавёў пра свае праекты, выказаў перакананасць у тым, што беларускія будаўнікі прыйдуць да роднай мовы, падзяліўся праблемамі, якія існуюць у беларускай архітэктуры.

Яшчэ школьнікам я вырашыў, што ў прафесіі буду беларускамоўным

Амаль усе мае продкі паходзяць з Беларусі. Нават тыя, хто прыходзілі сюды з іншых мясцін, з пашанай ставіліся да гэтай зямлі. Мяне з дзяцінства выхоўвалі ў любові да прыроды і беларускіх традыцый, у прыватнасці да мовы. Яна стварае светапогляд чалавека, яднае яго з зямлёй, дазваляе чуць і разумець яе. Яшчэ са школьных гадоў вырашыў шырока выкарыстоўваць «тутэйшую» мову ў сваім жыцці і ў прафесійнай дзейнасці.

Хацеў быць лекарам, а стаў архітэктарам

Архітэктарам стаў выпадкова. З дзяцінства марыў быць лекарам, бо сярод продкаў былі знахары і медыкі. Пасля 9-га класа гуманітарнай гімназіі вырашыў удасканаліць тэхнічныя дысцыпліны. Паколькі любіў маляваць і захапляўся геаметрыяй, лягчэй за ўсё было паступіць у архітэктурны клас ліцэя пры БДПА (цяпер БНТУ). Пакуль вучыўся, вельмі спадабалася праектаванне і графічныя дысцыпліны. Таму на момант заканчэння ліцэя ўжо ведаў, што стану архітэктарам. І медыкі, і архітэктары працуюць для чалавека: першыя — знутры, другія — звонку. Праўда, часам могуць моцна нашкодзіць. Мы з сябе жартуем, маўляў, лекар хавае свае памылкі ў зямлі, а архітэктар — у зеляніне.

Напачатку кар’еры праектаваў малыя формы для метро

Лёс падарыў мне багата добрых настаўнікаў. У пачатку кар’еры займаўся рознымі відамі архітэктурнага праектавання. Яшчэ студэнтам уладкаваўся ў «Мінскпраект» і працаваў з галоўным дызайнерам Мікалаем Грыбавым, які займаўся праектаваннем малых форм (у прыватнасці, для Мінскага метрапалітэна). Менавіта ён навучыў мяне эстэтычна падыходзіць да любой дробязі. Даводзіў, што кожная шруба, кожная заклёпка мусяць быць на сваім месцы, выконваць сваю функцыю і пры гэтым выглядаць прыгожа.

А потым працаваў над праектамі паркаў

Пазней у мяне з’явілася выдатная настаўніца па ландшафце — Ганна Аксёнава, з якой мы сумесна рабілі рэканструкцыю галоўных паркаў сталіцы (Парка Дружбы народаў, Парка Перамогі, Вайсковых могілак). Падчас працы над дысертацыяй давялося адчуць смак горадабудаўнічай дзейнасці з цудоўным майстрам Уладзімірам Ісачанкам. Дысертацыю абараняць не стаў, затое, працуючы над генеральным планам Жлобіна, навучыўся стратэгічнаму бачанню і разуменню геапалітычнага планавання і структурнай арганізацыі тэрыторыі.

У выніку захапіўся праектаваннем шляхецкіх сядзіб

Прыкладна ў гэты самы час пасябраваў з цікавым і харызматычным архітэктарам Аляксандрам Барадзіным. Ён натхніў мяне на праектаванне і будаўніцтва арыгінальных жылых дамоў. Я адчуў асалоду свабоднай і плённай працы з індывідуальным заказчыкам-гаспадаром, які мае мэту пабудаваць надзейны, камфортны і прыгожы дом для сябе і сваёй сям’і. Дарэчы, захапленне і адчуванне дасканаласці атмасферы шляхецкай сядзібы нарадзіліся яшчэ падчас студэнцкіх экспедыцый па старых панскіх маёнтках пад кіраўніцтвам прафесара Анатоля Федарука. Менавіта гэты чалавек адкрыў для мяне багацце і хараство нашай традыцыйнай беларускай архітэктуры.

Рана ці позна мы прыйдзем да праектавання па-беларуску

Чаму я вырашыў выконваць праекты па-беларуску? Калі не валодаеш мовай зямлі, на якой будуеш, як і што ты можаш пабудаваць? Раней ужо згадваў, што менавіта мова фарміруе светапогляд, дапамагае зразумець навакольнае асяроддзе. Да таго ж, беларуская мова апошнім часам пашырае сваю прысутнасць у грамадстве. Яна здолее развівацца (незалежна ад дзяржаўнай падтрымкі) толькі тады, калі яе будуць ужываць у розных галінах прафесійнай дзейнасці. Многія спецыялісты ўжо гэта разумеюць і стратэгічна падыходзяць да пытання развіцця сістэмы беларускамоўнага дакументазвароту.

Апошнім часам з'явілася багата заказчыкаў, якія хочуць, каб архітэктурны праект быў выкананы менавіта па-беларуску. Гэта ўжо камерцыйнае пытанне прапановы-попыту, пры якім заказчыку проста прыемна працаваць з архітэктарам, які разумее і шануе мясцовую культуру. Мяркую, рана ці позна большасць далучыцца да беларускамоўнага праектавання.

Асноўная складанасць — падбор правільнай тэрміналогіі

Пры пераходзе на беларускую мову назіраецца псіхалагічная скаванасць і непадрыхтаванасць некаторых удзельнікаў праектнага працэсу да існавання ў прыродзе дзяржаўнай мовы. Дарэчы, такіх апошнім часам стала значна менш. Аднак асноўная праблема, з якой я сутыкнуўся падчас праектавання, — гэта тэрміналогія. Менавіта праз падбор трапнага тэрміна губляецца пэўная колькасць часу. Але калі пачынаеш даследваць старыя слоўнікі, вясковыя дыялекты альбо шукаць адпаведнікі ў славянскіх ды іншых мовах, то знаходзіш вялікую колькасць удалых тэрмінаў, якія найлепшым чынам пасуюць да беларускай мовы. Праз пэўны час праблема тэрміналогіі перастане быць актуальнай.

Мова праекта — гэта графіка і лічбы

З нястачай тэрмінаў і моўнымі памылкамі можа сутыкнуцца кожны спецыяліст. Існуе некалькі эфектыўных падыходаў, што дазваляюць больш упэўнена карыстацца роднай мовай. Вядома, час не заўсёды дазваляе выканаць праект без памылак, таму іх проста не варта баяцца (у рускамоўных, дарэчы, памылкі сустракаюцца значна часцей). Сапраўдная мова праекта — гэта дакладная графіка і лічбы. Уласна мова з’яўляецца толькі формай падачы інфармацыі.

Каб падабраць трапны тэрмін ці атрымаць гатовы ўзор беларускамоўнай спецыфікацыі, тлумачальнай запіскі, дамовы ці пэўнага акта, можна звярнуцца да знаёмых беларусаў-архітэктараў. Асабіста я з задавальненнем гатовы дапамагчы людзям, якія хочуць пашыраць беларускую культуру і ісці да беларускамоўнага праектавання.

Праблема разумення мовы надуманая

Я лічу, што праблема разумення роднай мовы будаўнікамі — надуманая. Калі раптам у праекце нешта «не зразумела», то трэба проста ўдакладніць, што аўтар меў на ўвазе. Мне прыемна, калі будаўнікі і сумежнікі задаюць дадатковыя пытанні. Калі чалавек сумленна ставіцца да сваёй працы і пачынае вывучаць праект, у яго заўсёды ўзнікнуць пытанні — неістотна, на якой мове ён напісаны. Мне падабаецца, калі прапануюць рашэнне, якое можа палепшыць праект. Калі людзі пачынаюць аналізаваць праект і цікавіцца ім, рэалізацыя будзе на высокім узроўні.

Беларус думае аднолькавымі вобразамі з еўрапейцамі

Беларуская мова мае агульную будаўнічую лексічна-этымалагічную базу з іншымі еўрапейскімі мовамі. Напрыклад, словы «цэгла», «дах», «цвік», «мур», «лата», «крэйда», «брукоўка», «цясляр», «габляваць» ды іншыя.

Нават калі лексіка розная, беларус думае аднолькавымі вобразамі з еўрапейцамі. Возьмем, да прыкладу, англійскае слова «cranе». Беларусы маюць пад’ёмны механізм калодзежа, які таксама называюць «журавель». Узгадайма ягады жураўля — журавіны, якія па-англійску гучаць як «cranberries». Адчуваееце агульную семантыку?.. Мы ўжо звыкліся з запазычаным словам «кран» — яно і добра, мова багацей стане. І такіх прыкладаў шмат. Таму нам, беларусам, лёгка паразумецца з нашымі суседзямі-еўрапейцамі. Паглядзіце на немцаў ці шведаў — у нас з імі будаўнічыя тэрміны і клімат падобныя. Нездарма беларусы абіраюць нямецкія аўтамабілі, матэрыялы ды інструменты.

Ландшафт і клімат уплываюць на архітэктуру

Архітэктар — майстар месца і прасторы. Ён бярэ на сябе адказнасць за іх развіццё і пераўвасабленне. Найлепшыя падказкі гарманічнага развіцця прасторы — гэта ландшафт і клімат. Калі архітэктар пачынае праектаваць аб’ект, ён у першую чаргу ўсебакова даследуе месца, на якім праектуе, яго традыцыі, асаблівасці. Я мяркую, якім бы складаным не быў будаўнічы комплекс, калі чалавек адчуў гармонію ландшафта, праект будзе ўдалым. І наадварот: калі архітэктар не ўлічвае асяроддзе, то праект, хутчэй за ўсё, атрымаецца дарагі і нязграбны.

Падпарадкавацца гармоніі месца ці панаваць над ім

У архітэктурным праектаванні ёсць два падыходы. Можна следаваць гармоніі ландшафта і дапаўняць яго альбо панаваць над прыродай ды ствараць кантраст з навакольным асяроддзем. Апошні спосаб будаўніцтва таксама мае быць. Напрыклад, замкавыя ансамблі альбо ўрбаністычная прастора. Аднак кантраст з прыродай будзе ўдалым толькі тады, калі архітэктар добра адчувае і разумее сутнасць і характар праектуемай мясцовасці.

Пра чалавека забываюць

Зараз у нас аб’екты будуюцца абы пабудаваць і робяцца не для чалавека, а для нейкай справаздачы, каб хутчэй грошы засвоіць. Праз спешку часам пра чалавека забываюць. Напрыклад, праектоўнік робіць пандус для фізічна аслабленай асобы, бо гэтага патрабуе нарматыў і экспертыза. У выніку ўвесь горад сапсаваны бязглуздымі пандусамі, якія ўсё адно не дастуныя для чалавека ў інвалідным вазочку…

Сквапнасць, лянота і невуцтва — прыкметы сучаснай будоўлі

Праблема нізкаякаснай архітэктуры альбо няўдалай рэканструкцыі і рэстаўрацыі старых будынкаў, якая апошнім часам мае месца ў Мінску ды іншых гарадах, звязана з нізкай унутранай культурай грамадзян. Цяперака многія будаўнічыя працы вядуцца так, каб імгненна атрымаць максімальны прыбытак. Далейшы лёс месца і будынка, як правіла, мала цікавіць забудоўніка і праектоўніка. Сквапнасць, хамавітасць, лянота і невуцтва — галоўныя прыкметы сучаснай будоўлі. Узнікае гэта з-за дэфіцыту асабістай зацікаўленасці і адказнасці за вынік як заказчыка, так і чыноўніка, як будаўніка, так і праектоўніка. Але, дзякуй Богу, у нас часам сустракаюцца прыклады даволі якаснага будаўніцтва.

Сучасная беларуская архітэктура — «мазаічная псіхапатыя»

Мяне непакоіць тое, што цэласнасць Мінска ўвесь час руйнуецца. Землі неўпарадкавана раздаюцца выпадковым інвестарам. У выніку тыя аб’екты, што мітусліва і хаатычна паўсюдна ўзнікаюць, не ўлічваюць ані прасторы, ані гісторыі, ані ансамблю горада. І гэта, на жаль, характэрна не толькі для сталіцы, але і цалкам для ўсёй Беларусі.

Сучасная беларуская архітэктура вельмі сумбурная. Першае азначэнне, якое ўзнікае ў галаве, — «мазаічная псіхапатыя». Гэта эпоха брутальнага нахабнага касмапалітычнага капіталу, які знішчае ўсё на сваім шляху і амаль не кантралюецца грамадствам.

Нашчадкам давядзецца думаць, што рабіць з гэтымі «тэрмітнікамі»

Праз некалькі стагоддзяў наша гарадская архітэктура будзе апісвацца як архітэктура аднолькавых мікрараёнаў. Нашчадкі будуць ламаць галаву над тым, што рабіць з гэтымі бетоннымі гмахамі-тэрмітнікамі, у якія апошнім часам масава засяляюцца жыхары і госці нашых гарадоў.

У Мінску не засталося гаспадароў, ёсць толькі спажыўцы

Агульная сітуацыя з беларускай архітэктурай зменіцца тады, калі людзі будуць уласнікамі і гаспадарамі на сваёй тэрыторыі. У Мінску, на жаль, амаль не засталося гаспадароў, пануюць спажыўцы, якія прыехалі адусюль. Без эмацыйнай сувязі з уласнай зямлёй нічога добрага не будзе…

Людзей трэба размеркаваць па рэгіёнах

Неабходна весці палітыку заахвочвання раўнамернага рассялення людзей па ўсёй краіне. Набіліся ўсе ў сталіцу, а іншыя мясціны пустуюць. Навошта збіраць усе выгоды і прадпрыемствы ў межах Мінска? Чаму б не прадугледзець раўнамернае размеркаванне значных аб’ектаў па Беларусі? Гэта б забяспечыла людзей працоўнымі месцамі і ўмовамі для годнага пражывання на ўзор Нямеччыны ці Нідэрландаў. Вялікае княства Літоўскае, дарэчы, у XVII стагоддзі праводзіла падобную палітыку.

Будаваць з разлікам на пяць стагоддзяў

Архітэктура з’яўляецца люстэркам эпохі. Адзінае, чаму можна давяраць, даследуючы гісторыю, — гэта рэчы, якія вельмі складана змяніць альбо сфальсіфікаваць: археалагічныя гарадзішчы, вайсковыя ды геаграфічныя мапы, архітэктурныя помнікі.

Мая задача як архітэктара — праектаваць з разлікам, што аб’ект будзе існаваць як мінімум сто год, насуперак дваццаці пяці нарматыўным. А калі ён выстаіць пяць стагоддзяў, значыць мэта дасягнута, гэта добры праект, і маё імя годнае, каб быць запісаным у гісторыю. Беларусы здаўна кажуць: «Рабі пільна, і будзе тут Вільна!»

Автор: Вольга Гарапучык, фота аўтара, спецыяльна для Stroyka.by