Стартаваў праект «Створым разам колеравы трэнд Беларусi»

Вы былі ў сітуацыі, калі, гледзячы на каляровыя спалучэнні на фасадах айчынных новабудоўляў, хочацца спытаць: «Хто тыя людзі, якiя гэта прыдумалi?». Праект «Створым разам колеравы трэнд Беларусi» стане першым крокам на шляху да каляровай гармонii, якая, спадзяемся, скора будзе панаваць у архiтэктуры нашых гарадоў.

Мэта праекта — распрацоўка навукова абгрунтаванай канцэпцыі каляровых трэндаў Беларусі. Дызайнеры і архітэктары БНТУ сумесна з гісторыкамі і этнографамі створаць своеасаблівую бібліятэку каляровых карт, якая ўбярэ ў сябе традыцыйныя для нашай краіны колеры ў граматных і гарманічных спалучэннях.

Штосьцi падобнае ёсць у многіх краінах, напрыклад у Германіі, Англii. Там адыходзіць ад каляровых спалучэнняў, над стварэннем якіх не адзін год працавалi спецыяльныя інстытуты, забаронена! Архітэктарам і будаўнікам нельга, як у нас, на свой густ зрабіць гарчычна-фіялетавы альбо ружова-блакiтны такi вяселенькі фасадзiк. Ды i навошта? Пагадзiцеся, значна прасцей працаваць, калi ўсё прыдумана, толькi бяры, карыстайся.

Цiкава тое, што ў нас з гэтай iнiцыятывай выступiла не Мiнархiтэктуры або Мiнкульт, а бiзнес — салон PREMIUM Decor, ГК «А-100», вытворца фарбаў MAV i Caparol, пры падтрымцы Беларускага саюза дызайнераў, УП «Мінскграмадзянпраект», УП «Мінскпраект», ГК «Алюцех» i шэрагу iншых.

«Тое, што мы маем ад гісторыі, прыроды, нацыянальных святаў, мы намагаемся зліць у адзіную схему, каб затым гэтым карыстацца кожны дзень, каб з гэтым жыць», — рассказалi арганiзатары праекта.

На працягу гэтага года дызайнеры, архiтэктары, краязнаўцы маюць магчымасць прадставiць свае варыянты, стаць удзельнiкамi дыскусiй.

Stroyka.by ўбачыла першыя эскiзы, зробленыя ў рамках праекта, і пагутарыла з вядомым беларускім дызайнерам і культурным даследчыкам Міхалам Анемпадыставым аб праекце, колерах і беларускiх традыцыях.

«Калі пасекчы крамянi, то адразу з’явіцца багатая вытанчаная гама — шэрыя і чорныя адценні, карамельны, белы. Так матэрыял можна раскладаць на падборку колераў і выкарыстоўваць у сучасным інтэр’еры. Калі мы гаворым пра белы колер, колер крэйды, вапны — гэта ўсё традыцыя, у тым ліку ў Беларусі. Колер звычайнай крэйды — 0,5-00N. Для тых, хто працуе з інтэр’ерамі, ён значна лепшы, чым просты белы.

Так гістарычна выйшла, што дакладна беларускіх колераў існуе не вельмі многа. У асноўным яны прадстаўлены ў выглядзе рэчаў, якія так цi інакш звязаны з Беларуссю або маглі быць звязаны з ёй. Традыцыйным для Беларусi з’яўляецца колер дрэва, камянёў — шэры, буры. А чырвоны i белы выкарыстоўвалiся пераважна як акцэнты, мелi сакральны ахоўны характар. Для беларускай традыцыіі характэрны спалучэннi белага i чырвонага, белага i чорнага. Гэта тое, што было спакон веку.

Каляровыя сцены, дахi прыйшлi да беларусаў ад усходняга суседа. Дамы ў нас пачалі фарбаваць толькi ў ХIХ стагоддзі, калi польскiмi маёнткамi завалодалi рускiя памешчыкi. У тыя ж часы ў архiтэктуры з’явiлiся зялёны i сiнi колеры.

 Я не заклiкаю выкрэслiць гэтыя ды iншыя фарбы, гарадская прастора павiнна быць рознакаляровай i ў той жа час гарманiчнай. Але свае традыцыi, гiсторыю трэба ведаць», — зазначыў спадар Мiхал.

Iнiцыятыва «Створым разам колеравы трэнд Беларусi» была шырока падтрымана архiтэктурнай супольнасцю. На першым этапе створаны спецыяльны альбом, дзе слуцкiя паясы цi браслаўскiя краявiды разбiты на канкрэтныя колеры.

Вынiковы альбом каляровых спалучэнняў з’явiцца напрыканцы года ў якасцi рэкамендацый для айчынных праектных iнстытутаў. Будзем спадзявацца, што гэтая карысная i прыгожая iдэя не застанецца на паперы!

Автор: Кацярына Кулабухава, Тарас Тарналiцкi. Фота: Тарас Тарналiцкi